29 жніўня ў невялічкім горадзе Чэрвені адгудзела VІІ абласное свята-конкурс майстроў саломапляцення “Саламяныя дзівосы”.

Міншчына пачала адзначаць такое свята аж у 1997 годзе. Праходзіць яно раз у тры гады. Упершыню аматары саломапляцення збіраліся ў Мар’інай Горцы. Затым эстафету пераймалі Уздзенскі, Валожынскі, Маладзечанскі, Дзяржынскі і Нясвіжскі раёны.

Сёлета ў Чэрвені вынікамі сваёй працы дзяліліся майстры з 12 раёнаў Мінскай вобласці. 108 умельцаў прыехалі на свята-конкурс, а сярод іх больш за палову - дзеці.

“Саламяныя дзівосы” складаюцца з дзвюх частак: выстава гатовых работ і конкурс на хуткасць і якасць пляцення вырабу. Чаго толькі ні пабачыш на выставе! Тут і прывезеныя майстрамі ўзоры саламянай анімалістычнай пластыкі, і лялькі, і ўтылітарна-дэкаратыўныя вырабы, саламяны посуд, саламяныя кветкі, павукі, птушкі, нават саламяныя шахматы.

Конкурс на хуткасць і якасць пляцення доўжыцца тры гадзіны.  Кожны з удзельнікаў выконвае твор па адной з 15 намінацый конкурсу: фігурку коніка, козліка, птушкі, лялькі, павука рамбічнай канструкцыі, плоскую і круглую пляцёнку, аплікацыю саломай па дрэве ці тканіне, саламянае пудзіла.

Акрамя конкурснай праграмы, праводзіўся майстар-клас па вырабу саламянага коніка. Ацэньвала конкурсныя работы кампетэнтнае журы.

Нам, жыхарам Салігоршчыны, гэтае свята цікава не толькі таму, што тут адбываецца творчае яднанне тых, хто вырабляе дзівосы з саломкі, але і таму, што на ім большасць узнагарод і перамог атрымалі нашы таленавітыя землякі. У свяце-конкурсе ўдзельнічалі прадстаўнікі Салігорскага раёна, якія здзівілі журы сваімі вырабамі. А калі падрабязней, то дзіцячай народнай студыі “Валошкі” дасталася перамога ў намінацыі “Лепшы сямейны калектыў”. Гэтая студыя з вёскі Доўгае існуе ўжо дзесяткі гадоў. Зараз разам з таленавітай маці – Ірынай Валатовіч - працуе яе не менш таленавітая дачка Марыя. У Ірыны Валатовіч таксама першае месца ў намінацыі “Лепшая саламяная скульптура”. Парадавалі прадстаўнікі Старобінскага раённага цэнтра рамёстваў. Другое месца ў намінацыі “За творчае развіццё традыцый саломапляцення” ў Любові Купрыяновіч, другое месца ў намінацыі “Лепшая аплікацыя саломай па цвёрдай паверхні” ў Алы Кацяк. Яніна і Алена Сцешыц атрымалі два дыпломы ў намінацыі “За асабісты ўклад у адраджэнне і развіццё традыцый саломапляцення”. А колькі ўзнагарод у прадстаўнікоў Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Салігорскага раёна! Самі лічыце! Кіраўнік народнай студыі “Жытнёвы каласок” Таццяна Кудравец атрымала першае месца за лепшую хатнюю калекцыю. Яе вучні Вольга Радзілавец – трэцяе месца за лепшую саламяную скульптуру, Павел Кудравец - другое месца за лепшыя саламяныя кветкі.

Кіраўнік аб’яднання па інтарэсах “Саломка” Наталля Бойка – першае месца за лепшы саламяны капялюш. Яе вучні Марына Рымашэўская і Аляксандра Прылуцкая – дыпламанты.

 Выхаванцы Заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь “Беларускі сувенір” Яўген Маёраў – трэцяе месца за зберажэнне і развіццё традыцый саломапляцення, Аляксандр Дзялендзік – трэцяе месца за лепшую аплікацыю на тканіне.

Кіраўнік аб’яднання па інтарэсах “Залатое сонейка” філіяла “Старобінскі № 1” Вольга Русак прывезла з Чэрвеня другое месца – за развіццё мастацкіх традыцый саломапляцення. Яе вучаніца Яўгенія Антановіч – дыпламант.

І самая галоўная навіна. Гран-пры “Саламяных дзівосаў” за высокае прафесійнае майстэрства, мастацкі густ, беражлівыя адносіны да мясцовых традыцый і плённую працу па развіцці традыцый саломапляцення атрымала салігорачка. Гэта кіраўнік народнай студыі “Чароўная саломка” Людміла Царыкевіч. Добры вынік паказалі і яе вучні: Марына Жабенка – першае месца за лепшы саламяны вянок, Данііл Жабенка – дыпламант у намінацыі “Саламяная кветка”.


уладальнiца Гран-пры Людмiла Царыкевiч

- Я і раней удзельнічала ў гэтых святах-конкурсах, заўсёды хвалявалася, а зараз у Чэрвень ехала нейкая заспакоеная, - расказвае ўладальніца Гран-пры Людміла Царыкевіч. – Ведала, што нашы вырабы заслугоўваюць добрых адзнак. Так і атрымалася. Гэта вельмі прыемна ячшэ і таму, што такую перамогу мы атрымалі ў год, калі нашай студыі “Чароўная саломка” спаўняецца 20 гадоў. Усе гэтыя гады я – кіраўнік студыі. Займаюцца тут дзеці з 6 гадоў. Некаторыя хадзілі да мяне 8-10 гадоў, і зараз нават навучэнцы тэхнікума з задавальненнем прыходзяць на заняткі.

Цікава, што кіраўнік студыі спачатку вывучылася на бухгалтара, але заўсёды яе прыцягвала прыгажосць, заўсёды цікавілі вырабы з саломкі. Саломапляценню яна вучылася па кнізе “Вазьмі простую салому”.

Людміла Царыкевіч расказвае, што ў студыі яна таксама праводзіць з дзецьмі святы-конкурсы, дзе ёсць свае дыпламанты і пераможцы. Менавіта праца з дзецьмі натхняе, дорыць шмат ідэй. А саломка, на думку жанчыны, - гэта найлепшы матэрыял для творчасці. Людміла Царыкевіч лічыць, што журы конкурса спадабаліся яе аўтарскія ўнікальныя вырабы: гэта насценныя саламяныя птушкі і пасхальны букет з кветак вярбы.

- Наша студыя і надалей будзе толькі атточваць майстэрства і імкнуцца быць лепшай. Хочацца сказаць ячшэ пра тое, якое значнае мерапрыемства - конкурс “Саламяныя дзівосы”. Ён збірае майстроў, яны дзеляцца напрацоўкамі, камунікуюць паміж сабой, і хоць нам прысуджаюць месцы, але ўсе разумеюць, што робяць адну вялікую справу, - лічыць майстар саломапляцення з Салігорску. – I мы ганарымся, что таксама ў шэрагу пераемнікаў і прадаўжальнікаў традыцый і мастацкага здабытку беларускай традыцыйнай культуры.

Варвара ЧАРКОЎСКАЯ

Фота Святланы Адамовіч